Страница 10 из 11
Я абяцаю, што ніколі не забуду гэтыя тры дні. Што буду спаць у двары і заўсёды чакаць вас у госці.
Дзякуй.
Палескае сафары
Прыйшлі мы з сябрам Арцёмам у Боруск да дзеда Косціка і бабы Гашы, а іх сын, дзядзька Валодзя, кажа:
– За хатай сляды ваўка. Шура ўгледзеў.
– Мо то сабака? – дзед Косцік не хацеў верыць.
– Не, бацька, воўк. Барсук усю ноч брахаў.
Вечарэла марудна.
– Ну і ціш. Лісток не шалахнецца, – штораз паўтараў дзед Косцік.
Дзядзька Валодзя курыў на лаўцы ля хаты. Ён чакаў ночы. Ваўка трэба застрэліць. Курыць болей не хацелася, і ён павёў нас да суседа Шуры, які ўгледзеў ваўка. Той быў п’яны, сварыўся са сваім сабакам.
– Што ты Палкана ганяеш? Ён на Вову брэша, каб не лазіў ля цябе.
Шура пачаў блытана распавядаць, як выйшаў на воўчае кубло за грэбляй. З сабой меў ружжо.
– Ваўчыца – во такая малая. Воўк здаравенны – кабанё! Ён і ходзіць. А там тры штучкі. Шчаня-я-яткі. Яна – ваўчыца – паглядзела на мяне. Дык я кажу: да ідзіце вы! Жывіце вы, кажу.
Ён пераказаў гісторыю некалькі разоў. Пакрысе ружжо ператварылася ў гранатамёт. Бжжжжжж! – страляў з уяўнага гранатамёта Шура ў сваім аповедзе.
Мы смяяліся. Дзядзька паблажліва падражніваў Шуру. Таго было не суняць.
Калі поўня паднялася над лесам, дзядзька вынес з хаты стрэльбу. Мы круціліся ля яе, трымалі ў руках. Дзядзьку гэта цешыла.
А першай ночы пайшлі ў лес. Спачатку ішлі ляснымі сцежкамі цераз хвойнік. Хоць я і спрабаваў ступаць асцярожна, галінкі пад нагамі трашчалі. Дзядзька ішоў першым. У адной руцэ ён трымаў напагатове стрэльбу, у другой – маленькі ліхтарык, якім свяціў на кусты і карчагі, падобныя да ваўкоў. Выйшлі да кукурузнага поля. Месяц акуратна ляжаў над ім. Танюсенькая сцежка паміж полем і лесам была даўгой – здаецца, некалькі кіламетраў. Дзядзька штораз спыняўся, услухоўваўся ў цішыню, свяціў ліхтарыкам у глыб лесу. Калі ён спыняўся, спыняліся і мы з Арцёмам, каб не перашкаджаць яму слухаць. Часта даводзілася хвіліну стаяць у нязвыклай позе – на адной назе – і трымацца за хваіну. Пасля доўгай нуднай хадзьбы пачало здавацца, што воўк асцярожна ідзе за намі. Некалькі разоў я азіраўся.
Кукурузнае поле нарэшце скончылася, і мы залезлі ў хмызняк. Мае ногі ўжо былі мокрыя. Ніхто з нас не сказаў ні слова. Толькі з Арцёмам перакідваліся ўсмешкамі. Мая ўсмешка азначала: «Ну як табе?». Арцём усміхаўся ў адказ: «Гэта і ёсць палескае сафары?».
Выйшлі на запруду. Наваколле далёка праглядалася. На зямлі ляжалі цені ад хвояў. Гэтым разам я заняў пазіцыю пасярэдзіне і ішоў нага ў нагу за дзядзькам. Я пільна сачыў за рухам ягоных ботаў і паддаўся гіпнозу. Хацелася ісці доўга. Здавалася, хапае моцы, каб ісці ўсё жыццё.
Але брэх Барсука перарваў той паўсон. Я пачаў пазнаваць дзедава селішча, што, як паўвостраў, адным краем улеплена ў дзікае наваколле. Дзядзька Валодзя паставіў стрэльбу на ганак, сам сеў на лаўку, дастаў пачак з цыгарэтамі.
– Месячна сёння. Калі б не было месячна, патрапілі б.
Закурыў цыгарэту.
«Ну і ціш. Лісток не шалахнецца», – узгадаў я дзедавы словы.
А там, у лесе, сёння вернецца ў кубло здаравенны воўк. Да маленькай ваўчыцы і трох ваўчанят.
Ранкам пілі каву ў кухні. Дзядзька Валодзя ізноў апраўдваўся, што было месячна.
– Таго ваўка хіба стрэліш? То, бра, хітры паскуда. Яго так не патрапіш, – баба Гаша пазірала на лес за акном. – Хітры, бра…
– Каб не было месячна, стрэліў бы.
– Ага, стрэліў бы… Усроўся б…
Раздзел 3
Сёння я піў самагон
Часам хочацца піва, а купіць не магу.
Сказаў прудкаўцам, што я не пʼю. Гэтым адрозніваецца жыццё ў вёсцы: няможна схавацца. З кім спаў і што піў – усе даведаюцца.
Добры дзень, мяне завуць Андрусь Іванавіч, мне 32 гады і я не магу купіць піва.
«Рухаючыся праз Мінск, Мазыр, Нароўлю ў Чарнобыль, мы амаль увесь час ішлі лясамі. Каля Нароўлі мы праходзілі па такіх мясцінах у першабытных лясах, дзе нейкую вёсачку ці ліхую карчомку можна было ўбачыць толькі праз некалькі міляў адна ад адной. Жыхары гэтых малых паселішчаў былі такімі палахлівымі, што перад нашым набліжэннем з жонкамі і дзецьмі хаваліся ў лясах, а мы натыкаліся на пустыя сялібы. І толькі пазней, прывабленыя нашымі падарункамі, а канкрэтна гарэлкай, асобныя з іх вярталіся дадому».
«Дзённік генерала Яна Вейсенгофа», 1790.
Дыялог у краме.
– Е ці не е?
– Е.
– Дай.
– На.
Калі ўвядуць падатак на літары, мы выжывем. Мы нават зэканоміць можам у ліхія часіны:
– Е?
– Е!
Ляжу пад яблынькай. Трэцяя ноч не ў ложку, а на зямлі ў садзе. Каровы варушацца ў кароўніку. Суседскі сабака брэша на купальскага дзядка.
Ёсць імавернасць дажджу. Ці што заказыча ў сне русалка. Ці яблык упадзе на галаву. Але мы, прудкаўскія хлопцы, нічога не баімся.
Канец сённяшняга эфіру. Дабранач. Гімн.
Прачнуўся, бо адчуў, што на мяне хтосьці пазірае. Расплюшчыў вочы і ўбачыў Колю Валодзі Кульгавага. А я ніяк не магу схаваць, як мне хораша было спаць. Коля бачыць, што мне шчасліва, і хоча, каб і яму было шчасліва таксама, то адразу пытаецца:
– Выпіць е?
Ці то зямля пацвярдзела. Ці то пацвярдзеў я. Але не даў яму выпіць. Узяў нож і пайшоў рэзаць гіпсакартон.
– Не дасі?
– Ну да.
– Калі нуда, ідзі пад плот.
Увечары прыйшла цётка Дуня.
– Сынок, а хто то да цябе заходзіў?
– Калі?
– Удзень.
– А то Коля Валодзі Кульгавага.
– Та пра Колю я ведаю. Апасля Колі.
– Я ж у лесе быў.
– Я ведаю, што ты ў лесе буў.
– Скуль?
– Маруся казала. Бачыла, як ты лісапедай ехаў. Ты не туды паехаў, сынок, у тым хмызняку ягад не будзе.
– Я не па ягады.
– Ай, расказвай. А што Коля хацеў? Выпіць ізноў прасіў? Ніяк не нап’ецца, алкаш! І п’е, і п’е, і п’е.
– Не, закурыць прасіў.
– От курэц! Ужэ выпіў – і курыць пайшоў. Абы-што, а не Коля. І курыць, і курыць – ніяк не накурыцца. Усю вуліцу пракурыў. І ты яму даў?
– Цётка, а чаго Маруся Зайчыкава да вас заходзіла?
– А якое табе дзела? От цікаўны які! Іш!
Паехаў я лісапедай на пошту ў Каленкавічы. Праз дваццаць кіламетраў вырашыў заскочыць да цёткі Волі. Той не было ўдому, але былі мае любімыя крышані. Пад’еў гэтых крышанёў, падумаў: не грэх і паспаць. Пакуль даехаў да пошты, яна закрылася. Вяртаюся дадому любімым хойніцкім шляхам. Наездзіў сорак пяць кіламетраў, каб проста паесці і вылежацца.
Калі ехаў на лісапедзе, пабачыў пяткі дзеда Ганушы. Ён бегае ад мяне, бо месяц таму пазычыў «да вечара» трыццаць тысяч, каб апахмяліцца пасля Тройцы.
Радзіва «Прудок». Вячэрні выпуск навінаў.
Па небе перадаюць зоркі. Быццам не ў двары спіш, а ў космасе. Я Маленькі Прынц з Ромам замест ружы. Касмічны сабака брэша. Касмічная карова варушыцца. Як учора і як мільён гадоў таму. Як тут і як усюды.
А я ўжо не стану касманаўтам.
Цётка Дуня любіць чытаць мае тэксты. То бок дачка паказала ёй некалькі ў інтэрнеце. Цяпер яна прыходзіць да мяне і кажа:
– Напісаў штоліся?
– Напісаў.
– Пра што?
– Пра Колю.
– Гэта той – Валодзін?
– Ну.
– А што пра яго можна пісаць? Ён жа п’яніца. Напішы пра Марусю Зайчыкаву – як яна трыццаць гадоў даяркай адпрацавала, як ёй грамату далі.
– Я ўжо напісаў пра Колю.
– Ну, пачытай.
Я ўключаю ноўтбук і пачынаю чытаць:
– Коля хацеў выпіць.
– Абы-што! І куды ты гэта пішаш – мо ў раённую газету?