Страница 10 из 22
- Чые вы? - пытаецца.
- Зьмея Гарынавiча.
Кот натапырыў вусы, грозны стаў:
- Не кажыце нiкому, што вы пастухi Зьмея Гарынавiча, а кажыце - Марцiна Глiнскага-Папялiнскага. Бо за мною ляцiць Гром зь Пяруном - ён заб'е вас.
Сказаў так кот Максiм i пабег далей. Сустракае вялiкую чараду коней. Падбег да канюхоў i пытаецца:
- Чые вы, канюхi?
- Зьмея Гарынавiча.
- Не кажыце, што вы Зьмея Гарынавiча, а кажыце - пана Глiнскага-Папялiнскага. Бо за мною ляцiць Гром зь Пяруном - ён заб'е вас.
Тым часам царская карэта з громам пад'ехала да пастухоў.
- Чые вы? - пытаецца ў iх цар.
- Пана Марцiна Глiнскага-Папялiнскага, - адказваюць пастухi.
- О, - дзiвiцца цар, багаты пан Глiнскi-Папялiнскi!
Гэтак-жа адказалi i канюхi.
Пакуль цар ехаў, кот прыбег у двор Зьмея Гарынавiча. Убачыў самога Зьмея i крычыць.
- Хавайся, Зьмей Гарынавiч! Едзе Гром зь Пяруном - ён цябе заб'е i на муку сатрэ.
Спужаўся Зьмей Гарынавiч:
- Куды-ж мне схавацца?
Кот паглядзеў i ўбачыў вялiкае дуплё ў старой лiпе.
- Лезь хутчэй сюды! - кажа Зьмею.
Залез Зьмей у дуплё, а кот забiў дуплё паленам ды яшчэ i глiнаю замазаў. Потым пабег да Зьмеевых слуг.
- Чые вы? - пытаецца.
- Зьмея Гарынавiча.
- Не кажыце нiкому, што Зьмея Гарынавiча, а кажыце, што пана Марцiна Глiнскага-Папялiнскага. Бо за мною ляцiць Гром зь Пяруном - ён заб'е вас.
- Добра, - кажуць напалоханыя слугi.
Прыехаў цар у маёнтак Зьмея Гарынавiча. Слугi кiнулiся сустракаць яго.
- Чый гэта маёнтак? - пытаецца цар.
- Пана Марцiна Глiнскага-Папялiнскага! - у вадзiн голас адказалi слугi.
- Ну, што-ж, - кажа цар, - сапраўды багаты пан Глiнскi-Папялiнскi. Аддам за яго дачку.
Тут цар вярнуўся ў свае палацы, паклiкаў музыкаў i загадаў iграць вясельле.
Усяго там было: хто хацеў, тое пiў i еў. I я там быў, еў i пiў, па барадзе цякло, а ў роце ня было.
АБ ДУРНЮ I ЗАЛАТЫМ ПТАХУ
Было ў ваднаго чалавека трох сыноў: двух разумных, а трэйцi - дурны. Старэйшы ўмеў на скрыпцы йграць, серадольны - на дудцы, а найменшы - дурны, усё, седзячы на печы, лучыну стругаў. Вырасла ў таго гаспадара ў садочку яблынка, а на ёй расьлi залатыя яблычкi. Аднаго разу агледзiлi яны, што кажнаю ноччу не ставала аднаго яблычка. Выправiў бацька старэйшага сына пiлнаваць, а ён прыставiў драбiнку да яблынi i йграе сабе ды йграе. Адно-ж на ранiцу яму спаць захацелася, ён задрамаў, а тымчасам нешта зашумела. Прачнуўся, аж нiдзе нiчога няма, толькi яблычка не стае. Пайшоў ён да бацькi змаркоцiўшыся, што не дапiльнаваў.
На другую ноч серадольны кажа:
- Пайду ўжо я, я дапiльную.
Як прыйшла другая ноч, пайшоў ён iз сваёй дудкай, сеў на драбiнцы ды йграе сабе на ўсякiя лады. Грае ён так, грае, ледз узыйшла зарнiца, а яму спаць захацелася; ён задрамаў, аж чуе скрозь сон, што нешта зашумела. Пакуль ён прачнуўся, iзноў аднаго яблычка няма. Брыдка й яму iсьцi ў хату, што не дапiльнаваў яблычка.
А ўжо той дурны кажа:
- На чым стану то стану, а такi мушу дапiльнаваць залатых яблычкаў. - Усе толькi ўсьмiхнулiся на тую гутарку.
Прышла трэйцяя ноч, дурны, такi ўжо рызыкоўны, выбiраецца ўжо на драбiну, набраў iз сабою лучыны ды й пачарапкаўся якраз на яблынку. Стругае ён сабе, стругае ды й падсьпеўвае. Ледзь пачало на сьвет займацца, аж чуе шчэ здалёк, што нешта шумiць. Прытаiўся ён на драбiнцы, ажно-ж залаты птах вялiкi, большы за жураўля, ляцiць проста на залаты яблычак. Птах да яблынкi, а ён яго - цап за хвост. Птах вырваўся i яблычка ня ўкраў, толькi тры пярынкi засталося ў дурнога ў руцэ. Бяжыць ён з радасьцю ў хату:
- А што, цi-ж не казаў, што дапiльную. Хоць птушку й упусьцiў, але пер'е якое маю i яблычкi ўсе.
Браты, як кроўю пазалiвалiся ад сораму, што дурны славы даканаў. I давай тут старшы брат казаць:
- Ну, браткi, паеду я ў сьвет шукаць гэтае птушкi.
Узяў адну пярыну iз сабою, набраў грошай на дарогу i ўсяго, што было патрэбна, прывязаў мечык, сеў на каня ды й паехаў. Прайшло ўжо шмат часу - анi птушкi, анi брат старэйшы не варочаецца. Тады серадольны й кажа:
- Ну, паеду-ж я ўжо шукаць i брата i птушкi.
Набраў i той усяго ўсялякага, прывязаў мечык, сеў на каня ды й паехаў. Жджэ бацька, жджэ год i другi, а тут анi птушкi, анi сыны не варочаюцца. Ажно-ж аднаго разу, стругаючы лучынкi, аказваецца дурны:
- А што-ж, татку, анi хлапцоў нашых, анi птушкi няма, трэба ўжо мне выбiрацца ў дарогу.
Бацька падумаў сабе:
- Iдзi! Няма тых разумных, то няхай i цябе, дурнога, ня будзе.
Дурны нiчога iз сабою ня браў: анi грошай, анi яды, толькi ўзяў трэйцюю пярынку, кiй у руку, ножык прывязаў да пояса, той самы, каторым ён лучынкi стругаў, ды й пайшоў пехатою. Iдзе ён сабе ды йдзе, ужо й ноч надыходзiць, аж бачыць, ляжыць пры дарозе конь здохлы. Нiчога ў iм у сярэдзiне ня было, толькi хрыбеты наставiлiся. Спынiўся гэта дурны, паўглядаўся на каня i думае сабе:
- Легчы спаць на полi, то холадна будзе на ветры; прасiцца да каго нанач, шчэ ня прымуць, улезу ў гэты тулаб ды й буду ў iм спаць, як на печы ў таткавай хаце. Улез ды й зараз заснуў. Сьпiць ён сабе спакойна, аж чуе, што нехта яго хату торгае. Зiрнуў ён праз скабы, аж гэта ваўчыца цягае гэтага каня i каля яе ваўчанятка маленькае: яна грызе, а яно сабе бегае ды нюхае i ўбегла ў сярэдзiну, дзе ляжаў дурны. Як яно ўбегла, дык ён - цап за яго, а ваўчыца давай прасiць ды малiць:
- А мой ты, - кажа, - такi, а мой ты сякi, зраблю табе, што захочаш, адно аддай мне маё дзiця!
Дурны-ж кажа:
- Мне нiчога ня трэба, толькi скажы ты мне, дзе жыве залаты птах, што ў майго бацькi яблычкi краў?
- I скажу табе, - кажа, - i завяду, толькi пасядзi ты тут крышачку, пакуль я сваё дзiця да гнязда завяду i сама вярнуся.
- Ну, - кажа дурны, - добра, пачакаю, толькi не марудзь, - i аддаў ёй тое воўчанятка.
Як ваўчыца сказала, так i зрабiла. Прыйшоўшы да яго кажа:
- Ну сядай на мяне, я цябе хутчэй занясу, чымсьцi ты туды сам дойдзеш.
Нясла яна яго, нясла, а як iм есьцi захочацца, то ваўчыца пабяжыць, зловiць хутчэй дзе што, задушыць, прынясе яму; ён крыху прыпячэ, зьесьць ды далей у дарогу. Прышлi яны да мора. Ваўчыца кажа:
- Я табе пайду гусачку злаўлю, пад'есьцi трэба, каб быў дужы, бо цяжкая праца цябе чакае.
Калi-ж пераплылi на другi бок мора, ваўчыца яго зноў навучае:
- Iдзi ты ў гэты двор, што бачыш, толькi пацiхусеньку, памалюсеньку, каб нiдзе ня шаснуў, бо гэта закляты двор: усё ў iм, што толькi ёсьць, то сьпiць; а як ты, - кажа - шарахнеш, то ўсё папрабуджваецца i ты стуль ужо жывым ня выйдзеш. А як ты, - кажа, - увойдзеш у браму, то там два сабакi стаяць, на зялезных ланцугох укованыя, то йдзi пацiхусеньку, не разбудзi iх, бо як яны забрэшуць, то цэлы двор разбудзяць. А глядзi, - кажа, - як ты ўвойдзеш у першы пакой, там вiсiць меч бразгучы, - ён залаты, дарагiмi каменьнямi саджаны i вельмi харошы й дарагi; але ты яго ня чапай, бо як ён, - кажа, - пачне бражджэць, зьвiнець, то ўсе папрачынаюцца, i ты там зьгiнеш. Увойдзеш, - кажа, - у другi пакой, вiсiць гадзiньнiк зьвiнячы, не чапай яго, бо зьгiнеш. I яшчэ яму кажа: