Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 2 из 38

Турму я на гэты раз абмiнуў.

У турму я трапiў праз чатыры гады, у той страшны, невядомы дагэтуль у цывiлiзаваным свеце тэрор - у трыццаць сёмым годзе. Сталiнскi тэрор знiшчаў мiльёны людзей сумленных, працаздольных, творчых. Знiшчаў фiзiчна i душыў маральна ўсё жывое, iнiцыятыўнае, разумнае. Прыкрываўся гэты тэрор шырмай Канстытуцыi, якая па вонкавых прыкметах была бадай цi не самай дэмакратычнай Канстытуцыяй у свеце. I за яе шырмай, за яе частаколам з калючага дроту пакутавалi i гiнулi мiльёны бяспраўных.

Я вучыўся на чацвёртым курсе рабфака пры Беларускiм унiверсiтэце. Жыў у iнтэрнаце на Нямiзе, 21. Жыў па-студэнцку ў нястачах, не кожны вечар клаўся спаць павячэраўшы. З дому дапамогi не было. Ды i адкуль яна магла быць, калi бацькi-калгаснiкi, лiчы, прыгонныя, нiчога з калгаса не атрымоўвалi, працаднi iх былi пустыя. I калгас не кiнеш, не паедзеш на заробкi, бо пашпартоў калгаснiкам не давалi.

Аднойчы атрымаў ад бацькi лiст. Ён скардзiўся, што зноў у калгасе атрымалi на працаднi грамы. З грашовым падаткам не разлiчыўся, здаў толькi мяса, малако, воўну. "Можа б, ты, сынок, памог мне грашыма, каб той падатак заплацiць", - папрасiў бацька. Значыць, у яго ўжо не было нiякага выхаду, раз звярнуўся да мяне з такой просьбай-мальбой. Гэта была адчайная просьба.

Не пераставаў я пiсаць апавяданнi i вершы i ў час вучобы на рабфаку. Напiсанае заносiў у розныя рэдакцыi, сачыў за лiтаратурным жыццём рэспублiкi, наведваў i сходы ў Саюзе пiсьменнiкаў. Пазнаёмiўся з Эдуардам Самуйлёнкам, Пятром Глебкам, Алесем Якiмовiчам, супрацоўнiкам газеты "Лiтаратура i мастацтва" Пятром Хатулёвым. Меў добрую гаворку аднойчы са мной Мiхась Лынькоў. I вёў дзённiк, куды запiсваў пра ўсе гэтыя сустрэчы i гаворкi.

Запiсаў у той дзённiк i пра бацькаў лiст. Апiсаў яго змест i ад сябе дадаў заключную фразу: "I ўсё гэта адбываецца пад шчаслiвым сталiнскiм сонцам". Фразу для сябе пагiбельную.

Ва ўсе часы тэрору быў разгул даносчыкаў, паклёпнiкаў, калi адной заявы-даносу хапала, каб доля чалавека была вырашана - яго арыштоўвалi. Сталiнскi тэрор i яго законы былi страшней нават тэрору iнквiзiцыi. Тады для асуджэння чалавека было мала заявы аднаго сведкi-даносчыка, а патрабавалася тры сведкi. Даносчыкi i сексоты пры Сталiне мелiся ў кожнай арганiзацыi, брыгадзе, класе, у ротах, узводах, на кафедрах, ва ўсiх аддзелах, камiтэтах. Даносчыкi i старалiся, бо за iмi назiралi iншыя даносчыкi. Якi жах панаваў тады сярод людзей, як баялiся начэй - часу арыштаў! Пра гэта напiсана i расказана нямала.

Мелiся такiя даносчыкi i ў нашым iнтэрнаце, у тым лiку i ў нашым пакоi, дзе месцiлася пяць студэнтаў. Ён, той даносчык, залез у мой чамадан, прачытаў дзённiк, знайшоў пра тое "шчаслiвае сталiнскае сонца" i паслаў заяву-данос у так званыя органы.

Нiколi не забуду вечара i ночы з чацвёртага на пятага красавiка трыццаць сёмага года. Я прыйшоў з заняткаў нейкi прыгнечаны, як бы адчуваў бяду. Прылёг на ложак i ўзяўся дачытваць раман Мiкалая Вiрты "Адзiноцтва" пра сялянскае паўстанне супраць ваеннага камунiзму на Тамбоўшчыне. Заставалася прачытаць да канца старонак пяць, i я заснуў iмгненна i глыбока, выпусцiўшы з рук кнiгу сабе на грудзi. Разбудзiў мяне штуршок у плячо. Я расплюшчыў вочы i застыў ад страху: перада мной стаялi два энкавэдысты. Адзiн адразу ж палез у споднюю кiшэню майго пiнжака, дастаў адтуль мой пашпарт, студэнцкi бiлет, другi энкавэдыст паляпаў па кiшэнях штаноў - праверыў, цi няма зброi. Энкавэдысты паказалi мне ордэр на вобыск i арышт i ўзялiся правяраць усё ў маiм чамадане i ў тумбачцы. Вобыск скончылi адразу, як толькi знайшлi дзённiк. Больш шукаць нiчога не сталi. Я ўспомнiў запiс у дзённiку пра бацькаў лiст i пра "шчаслiвае сталiнскае сонца" i зразумеў, што гэта i будзе маёй вiной i маёй бядой.

Усе насельнiкi пакоя сядзелi на сваiх ложках. Я зiрнуў на кожнага i зразумеў, хто з iх данёс на мяне. I, як потым выявiлася, я не памылiўся.

Уражаны, узрушаны такой нечаканай бядой, я ўсё яшчэ не верыў, што гэта адбываецца са мной, што мяне зараз павядуць у турму. Мяне пачалi бiць нервовыя дрыжыкi, трэслася нага. Каб схаваць гэта i ўцiшыць дрыжыкi, я паклаў нагу на нагу i сцiскаў iх, сцiскаў... Хоць не курыў, папрасiў у каменданта iнтэрната, якi там жа прысутнiчаў, закурыць. Той спытаў дазволу ў сяржанта-энкавэдыста, працягнуў мне "беламорыну" i чыркнуў запалкай. Я зацягнуўся дымам на поўныя грудзi, задыхнуўся, закашляўся, але курыць не кiнуў. Ад курэння дрыжыкi спынiлiся. Я крыху паспакайнеў, спакойна распiсаўся ў пратаколе вобыску, спакойна сабраўся - узяў ручнiк, мыла, зубную шчотку, парашок. Усё астатняе кнiгi, канспекты, рукапiсы апавяданняў - засталося ў iнтэрнаце.

Вялi мяне з Нямiгi на вулiцу Ўрыцкага пехатой - шлях недалёкi. Была ноч зорная, на зямлю прыпаў марозiк, лёгкi, прыемны, вясеннi, дыхалася лёгка, пахла вясной - тымi самымi пахамi, якiя адчувальныя ў любым стане i настроi, у любым месцы, нават у горадзе: размоклай карой дрэў, леташняй апалай лiстотай, расталым снегам. Адзiн сяржант iшоў уперадзе, другi - ззаду мяне. Той заднi i загадаў трымаць рукi за спiной; я i трымаў iх так, сашчапiўшы пальцы. Марозiк зацягнуў лужынкi, яны трашчалi пад нагамi ледзянымi асколачкамi, разляталiся, як шкельцы, ззяючы ад святла вулiчных лiхтароў i зорак на небе. Звон лядку напомнiў мне дзяцiнства, калi я любiў вось так трушчыць са звонам замёрзлыя лужынкi.

Праз жалезныя вароты вялiкага дома камiсарыята ўнутраных спраў (ён i цяпер стаiць на тым месцы) завялi мяне ў двор, потым у нейкi пакой, дзе абшукалi ўжо ўсяго, старанна прамацаўшы кожны шоў у адзеннi, адтуль уштурхнулi ў падвальную камеру з акенцам пад самай столлю, якое выходзiла на вулiцу Ўрыцкага на ўзроўнi тратуара. Усцяж тых закратаваных вокнаў дзень i ноч хадзiў вартавы з вiнтоўкай - круглыя суткi былi чуваць яго крокi i стук прыклада аб тратуар.

У камеры было, здаецца, дзесяць чалавек, сярод iх паэт-маладняковец Янка Тумiловiч, Масей Сяднёў - студэнт педiнстытута, таксама паэт i мой зямляк з Касцюковiцкага раёна. Былi там яшчэ iнжынер Блохман, прафесар-географ, здаецца, прозвiшча яго Лойка. Пазней завялi Янку Нёманскага - пiсьменнiка, акадэмiка.

Пра ўсiх iх я пiсаў у сваiх успамiнах раней i цяпер асаблiва не затрымаюся. Адно скажу, што ў гэтых людзей я быў проста ўлюблёны, у людзей эрудыраваных, адукаваных. Я слухаў iх, як кажуць, з разяўленым ротам, запамiнаў кожнае слова, асаблiва Нёманскага. I многiя вершы Сяднёва i Тумiловiча запомнiў. Масей Сяднёў жыве цяпер у ЗША. Летась ён гасцiў у мяне. З яго творчасцю нашых чытачоў пазнаёмiлi "Маладосць", "Полымя", "Лiтаратура i мастацтва" i iншыя выданнi. У Менску запланавана выдаць яго кнiгу вершаў i прозы. Пры сустрэчы мы прыпомнiлi яго вершы, жарты, эпiграмы на аднакамернiкаў, напiсаныя там жа, у турме. Вось, напрыклад, яго эпiграма на Блохмана: