Страница 14 из 38
Мне ён быў цiкавы i блiзкi. Па-першае, як зямляк, з Беларусi. Па-другое, ён шмат чаго ведаў па гiсторыi, лiтаратуры, чытаў на памяць багата вершаў. Падазраю, што ён i сам iх пiсаў. Маючы вялiкi запас iнфармацыi, ён, аднак, быў малапiсьменны ў прамым сэнсе. Пiсаў з грубымi памылкамi, гаварыў карава, з няправiльнымi нацiскамi. Неяк дзiўна ў яго спалучалiся вялiкiя веды i гэта малапiсьменнасць. Вiдаць, таму, што скончыў ён толькi тры класы школы, а потым набываў веды саматугам. Да арышту працаваў у райвыканкоме дробным агентам па нарыхтоўках. Меў ён дзесяць гадоў за так званую антысавецкую агiтацыю.
- Завошта цябе запяклi на такi тэрмiн? - пры мне спыталi ў яго.
- За каня.
- Можа, за вуздэчку?
Iснуе такая хохма: калi ў цыгана спыталi, за што той сядзiць, цыган адказаў: за забыўлiвасць - каня ўкраў, а вуздэчку забыў.
- Не, праўда, за каня, - i растлумачыў усё, як было.
На адным сходзе выступаў лектар i, расхвальваючы калгасны лад жыцця, стаў гаварыць, што ў калгасах хутка замест коней будуць жалезныя конi - трактары, яны i зробяць калгасы багатымi. Трактар не трэба зiмой кармiць, не трэба яму сена касiць, авёс сеяць. Казiмiр паслухаў лектара i з iм не згадзiўся.
- Коней выгадней трымаць, - сказаў ён. - Гэта ж жывая душа, а не жалеза. Што яму трэба? Сена зiмой, а летам выпусцi па траву, i конь кормiцца. А цяпер давайце палiчым, колькi людзей заняты, каб трактар зрабiць. Жалеза трэба? Яснае дзела, значыць, капай руду. Каб выплавiць з руды жалеза, домну будуй. Для вугалю шахту капай, вязi к домне. Далей гэтае самае жалеза трэба каваць, тачыць, кляпаць. Во колькi людзей робяць той трактар. А яшчэ ж яму керасiн трэба дабыць. Не, коней дзешавей трымаць у калгасе, iх не заменiш жалезам.
Канечне, той лектар быў дурань, якiх тады хапала. Або правакатар. Ён прызнаў гэта выступленне як скiраванае супраць iндустрыялiзацыi i супраць калгасаў. I праз некалькi дзён Казiмiра ўзялi.
Ён вельмi любiў улазiць у спрэчкi, у размовы любога характару - няхай гэта была простая зэкаўская балбатня пра яду, пайку або гаворка на фiласофскую тэму.
У нашым бараку былi вучоныя, iнжынеры, партыйныя работнiкi. Быў артыст, журналiст, ветэрынар. I Казiмiр стараўся з кожным пагаварыць i нават паспрачацца. З фiлосафам - па фiласофскiх пытаннях, з журналiстам - па лiтаратуры. I што было заўважана - Казiмiр на ляту ўспрымаў пачутае, растлумачанае яму, а потым пачынаў па-свойму ўжо тлумачыць, даказваць сваё, i даволi цiкава, арыгiнальна. Гэтыя гутаркi з вучонымi Казiмiру, з яго добрай памяццю i кемлiвасцю, давалi многае.
Помню, зайшла неяк размова пра Максiма Горкага. Фiлосаф пахвалiў Горкага, сказаў, што ён не толькi лiтаратар, але i вялiкi фiлосаф, асаблiва багата фiласофскiх праблем i пытанняў у яго п'есах. А журналiст назваў Горкага народным пiсьменнiкам.
Казiмiр слухаў iх, слухаў ды i выпалiў:
- Ваш Горкi не фiлосаф i не народны пiсьменнiк. Ён толькi пралетарскi. Ну якi ён фiлосаф? Фiлосаф - гэта, ну, вучоны чалавек, якi любiць людзей, спагадае пакутнiкам, паўшым. Даруе нават ворагам. А ваш Горкi што аб'явiў наконт ворагаў? "Калi вораг не здаецца, яго знiшчаюць". Так? Таму следчы мой i паўтараў увесь час гэты лозунг.
- А чаму Горкi не народны? - спыталi.
- А таму. Ён ненавiдзеў сялян. Не любiў iх. А раз сялян не любiў, то якi ж ён народны?
- Арыгiнальна, - крутнуў галавой журналiст.
- Во я i кажу, што арыгiнальна, - падхапiў Казiмiр. - Я, помню, чытаў лiст Горкага кудысьцi за гранiцу пра голад у Расеi. Дык Горкi пiсаў, што голад можа знiшчыць лепшую энергiю Расеi - рабочых i iнтэлiгентаў. А мужыкi, значыць, нiхто? Ды мужыкi ж у першы чарод i памiралi ад голаду. Не, не любiў Горкi сялян.
Калi пiсаў Горкi той лiст i цi пiсаў увогуле, нiхто з нас не ведаў, таму яму i не пярэчылi.
- А во яшчэ што пiсаў Горкi, пе помнiце? Мужыкi, маўляў, амаль дзiкiя, яны дурныя, страшныя людзi.
- Гэта пiсаў, - пацвердзiў фiлосаф. - Горкi лiчыў, што ўвогуле без сялян будуць абыходзiцца.
- Як гэта? - здзiвiўся ўжо Казiмiр.
- А так. Горкi пiсаў Варонскаму, быў такi крытык, што калi б сяляне знiклi з iх хлебам, гараджане навучылiся б хлеб дабываць у лабараторыях.
- Во была б жытуха, - узрадаваўся Казiмiр. - Не трэба араць, сеяць, убiраць, малацiць. Нацiснуў на нейкую там кнопку, i буханкi выскокваюць з машыны. Тады б i ў лагерах такую хлебную фабрыку зрабiлi.
Больш за iншых зблiзiўся Казiмiр з артыстам, маладым яшчэ, але ўжо аблыселым (ад вялiкага розуму цi ад чужых падушак, жартаваў з яго Казiмiр) i сляпым на адно вока - яму яго выбiла на лесапавале. Артыст служыў у фiлармонii, выступаў як дэкламатар паэзii, прозы. Ведаў ён на памяць мноства вершаў i цэлыя раздзелы з раманаў Талстога, Тургенева. Яго часта прасiлi нешта прачытаць. Ён i чытаў. Помню, як ён прачытаў нешта не чутае не толькi мною, але i ўсiмi прысутнымi пра чалавецтва, якое не будзе рвацца ўвысь, а пойдзе ўнiз, у падзямелле.
- Мы ўвойдзем у зямлю тысячамi, мы ўвойдзем туды мiльёнамi, - пафасна дэкламаваў артыст. - Мы ўвойдзем акiянам людзей. Нас туды загоняць. Але адтуль не выйдзем, не выйдзем ужо нiколi... Мы загiнем, мы пахаваем сябе ў ненасытным руху i працоўным удары. Зямлёю народжаныя, мы ў яе i вернемся...
У Казiмiра пацямнелi сiненькiя вочкi, i ён, цяжка ўздыхнуўшы, сумна сказаў:
- Што ж, яны хочуць загнаць туды ўсiх. Але я вярнуся адтуль i вызвалюся. На волi буду.
Казiмiру заставалася больш шасцi гадоў няволi.
- I ты спадзяешся выжыць i вызвалiцца? - спыталi ў яго незычлiва.
- Дажыць не дажыву, а вызвалюся. Сам. Вясною. Як схлыне вада ў тайзе i зямля зазелянее.
Пра канец тэрмiну, пра волю ў лагеры мараць усе. Воля, як у доўгiм тунелi, трымцiць недзе далёка бляклым агеньчыкам, запаветная, але цi рэальная? Не кожны верыць, што дапаўзе да той волi. У нас, абяссiленых, унiжаных, абражаных, галодных, бяспраўных, кожны дзень жыцця залежыць ад тысяч прычын: заўтрашняй пагоды, ад таго, цi дастанецца табе поўная пайка; цi прыпiша дзесятнiк брыгадзе, а значыць, i табе норму выпрацоўкi; на якiх нарах ты будзеш сёння спаць - верхнiх, цёплых, цi нiжнiх, дзе сценкi барака прамерзлi i пакрылiся знутры наледдзю, як аплывы на свечках; цi паб'е цябе блатар, а можа, i пакалечыць i яшчэ цяжэй - прайграе ў карты; захварэеш ты на пелагру, калi скура пачынае лушчыцца i злазiць з цела; адлупцуе цябе канваiр за тое, што адстаеш у страi... I яшчэ дзесяткi i сотнi прычын, ад якiх залежыць лёс зэка, кожны яго дзень - гэты маленькi асколачак, якi трэба адбiваць ад цяжкага, як гранiт, вызначанага табе тэрмiну.