Страница 12 из 38
- Скачы i ратуйся. Цябе замянiлi на таго дахадзягу. А спачатку на цябе гулялi.
Я не радаваўся i не скакаў. Я быў у трансе, у ступары, я проста яшчэ не мог прыйсцi да думкi, што тут можна загiнуць вось так нiзашто, цябе могуць забiць толькi таму, што трапiўся на вока.
Разанца прыдушылi ў тую ж ноч. Фельчар, якi зайшоў да яго ранiцай, нават узрадаваўся, што той мёртвы, менш будзе клопату лекарам. Нiякай, канечне, медыцынскай праверкi прычын смерцi не было. Вынеслi яго з палаткi, палажылi ў загончык каля санчасцi, дзе ўжо ляжалi мерцвякi, чакаючы вясны, калi можна будзе выкапаць ямы. А штаны i шкарпэткi разанца дасталiся яго земляку.
Я, канечне, зразумеў, што сусед мой разанец мяне выратаваў свядома. Ён знарок уступiў у канфлiкт з паханом i Барсуком, каб выклiкаць iх гнеў на сябе. I выклiкаў. Яму ж было ўсё роўна наканавана хутка памерцi.
Вось i праяўляй гуманнасць да такiх, як пахан i Барсук.
ПОРЦЫЯ КАШЫ
Я ўвесь час хацеў есцi - i пасля снедання, i пасля абеду, i пасля вячэры. Канечне, не я адзiн быў такi галодны - усе зэкi, за выключэннем начальства i розных лагерных прыдуркаў, галадалi. З надзеяй ухапiць нейкую дабаўку многiя таўклiся каля кухнi.
Калона наша была толькi што створаная, яшчэ не шматлюдная. Мы былi першым атрадам, кiнутым у тайгу, каб абжыць той глухi куток. Нi баракаў, нi iншых якiх збудаванняў, нават i агароджы вакол не было. Жылi ў палатках. Кухня - два катлы i плiта - была пад адкрытым небам, праўда, абгароджаная вакол жэрдкамi ад нас, галодных зэкаў, каб не змаглi што сцягнуць. На самым пачатку, калi яшчэ не паспелi зрабiць тую агароджу, зэк Чырва з нашай брыгады схапiў з бочкi дзве гарбушы i даў дзёру ў тайгу. Хоць i гналiся за iм трое, уцёк. Ад той гарбушы дастаўся i мне кавалак.
У мяне з'явiлiся першыя прыкметы цынгi - апухлi дзёсны, крываточылi, напала вяласць. Баяўся, што пачнуць выпадаць зубы. А была ранняя вясна - самая пара для цынготнiкаў, снег яшчэ толькi сыходзiў. У тайзе - нi зялёнай травiнкi, каб пажывiцца. Чакаў мая, калi з'явiцца чарамша i кiслiца - самы дзейсны паратунак ад цынгi. А пакуль што пiў адвар з шыпулля пiхты i сасны.
Дык вось, я хацеў увесь час есцi, нават у сне. А калi чалавек галодны, то ўся яго ўвага скiравана толькi на пошукi яды. Зэк Чырва аднойчы павёў мяне ў тайгу шукаць вавёрчыны запасы. Мы доўга шасталi вакол калоны, зазiралi ў дуплы i знайшлi схованку кедравых шышак i сушаных грыбоў. Арэхi з шышак вылушчылi, з'елi там жа на месцы. Другi паход па вавёрчыны запасы быў няўдачны. Таму застаўся адзiны спосаб нешта раздабыць паесцi - пакруцiцца каля кухнi, а можа, спатрэбiцца повару якая дапамога.
У адзiн з выхадных дзён я там i круцiўся з падвешаным да пояса кацялком, скляпаным з кансервавых бляшанак. Трэба сказаць, што з мiскай i лыжкай зэк нiколi не расставаўся. Гэты посуд зэкам не выдаваўся, i кожны даставаў яго хто як мог. Не маеш посуду, хоць шапку падстаўляй пры раздачы баланды. Так i рабiлi беспасудныя - падстаўлялi шапкi.
Абед тады скончыўся, i павары гатавалi вячэру - ячневую кашу з рыбай. Мая дапамога на кухнi не спатрэбiлася, i я сабраўся пайсцi ўжо ў палатку. Але рабочы па кухнi, мардасты здаравiла, здаецца, з Растова спынiў мяне.
- Пайшлi, - сказаў ён, - паможаш дроў прынесцi.
Я з радасцю згадзiўся i пайшоў з iм у тайгу. Метраў пяцьдзесят ад пакуль што ўмоўнай мяжы калоны ляжала распiлаваная на калоды сасна-сушняк. Верхавiны сасны не было, яе, лягчэйшую, вiдаць, ужо занеслi на кухню. Заставалiся калоды ад камля, тоўстыя i, вядома ж, цяжкiя.
- Вось гэту i бяры, - паказаў мардасты на самую тоўстую.
Я думаў, што мы панясём яе ўдвух, паставiў калоду стырчком, паглядзеў на мардастага.
- Бяры на плячо, я памагу, - сказаў ён.
З яго дапамогай я ўзвалiў калоду на плячо, i яна мяне прыгнула ледзь не да зямлi.
- Пайшлi, - скiраваў наперад мардасты.
Я ступiў некалькi крокаў i адчуў, што дрыжаць ад натугi ногi i спiна гнецца ўсё нiжэй. Я забаяўся, што зламаю хрыбет, падарвуся, i хацеў ужо скiнуць калоду з пляча, але прынесены ветрам з кухнi пах нечага смажанага павёў мяне ўперад. Мiска кашы, якую я атрымаю, клiкала, надавала мне сiлы.
I я iшоў, нёс калоду, якая была, можа, удвая цяжэй за мяне самога. Нёс з вытарашчанымi ад напружання вачамi, з кружэннем галавы.
А мардасты iшоў уперадзе з засунутымi ў кiшэнi штаноў рукамi, азiраўся раз-пораз назад i паказваў, дзе лепш iсцi. I правiльна рабiў, бо я не бачыў дарогi, вочы ад натугi затуманiлiся.
Калоду я ўсё ж данёс, скiнуў каля дрывотнi i адчуў сябе такiм слабым, спустошаным, нiбы з мяне выцекла ўсё жывое. Я сеў на нейкi пацурбалак i доўга аддыхваўся.
Мардасты ўзяў маю мiску i нашкроб у яе з катла прыгарэлай кашы, якая засталася з абеду, даў мне.
- Вазьмi парубай, - сказаў ён.
Аднак есцi мне ўжо не хацелася. Забалела ў жываце, я забаяўся, цi не адарваў кiшкi. Пасядзеў яшчэ i паплёўся ў палатку.
Толькi праз гадзiну змог з'есцi заробленае. Скажу праўду, тыя ашкрэбкi кашы былi ўсё ж смачныя.
КАЖУШОК
Калi я вучыўся ў Менску на рабфаку, бацькi справiлi мне кажушок. Шукалi, дзе б купiць якi-небудзь палiтончык, нешта гарадское, але ж у тыя гады гэта было зрабiць цяжка. Ды i грошы на яго куплю не знайшлiся б - падаткi былi вялiкiя, а працаднi ў калгасе - пустыя.
Вясковы кравец з нашых дублёных i пафарбаваных у чорнае аўчын мне i пашыў кажушок для вучобы ў горадзе. Кравец пастараўся, кажушок выйшаў прыгожы i цёплы, з хлясцiкам на спiне, аблямаваны па нiзе i бартах аўчыннай бiчайкай поўсцю наверх. Вядома ж, i дзве кiшэнi ўшыў.
Радавацца б такой абнове, але ж у горадзе кажухi тады былi не ў модзе, не тое што цяпер. Тады на хлопца ў кажушку глядзелi як на "дзеравенскага". Не раз я чуў пра сябе ад гарадской шпаны: "Эй, жлоб у кажусе!" Адзiн шпанюк, увесь квартал iдучы за мной, дражнiўся: "Жлоб, жлоб, як жывеш? Ж... чэшаш, вошы б'еш..." I раз-пораз пытаўся: "Пачым вошы ў тваiм кажусе?"
Таму, хоць мне было ў маiм кажушку i цёпла, i ўтульна, я з радасцю абмяняў бы яго на якую-небудзь "гарадскую" апратку. Аднаму студэнту, якому мой кажушок спадабаўся, я прапанаваў мяняцца на яго патрапанае бобрыкавае палiто. "Жлобам будуць зваць", - адмовiўся ён.
I добра, што не абмяняўся. Кажушок мой потым выручаў мяне ад сiбiрскага холаду, а можа, i ўратаваў ад самага страшнага - лагернай смерцi.