Страница 5 из 5
На другi дзень ён не прыйшоў, i больш мы яго не бачылi. А праз некалькi дзён да мяне завiтаў iнспектар палiцыi. Я акурат пачынаў засынаць. Iнспектар i паведамiў мне аб смерцi майго супрацоўнiка... Бедалага, на гэты раз не змог ён ухiлiцца ад нажа...
Доўга не выходзiў у мяне з галавы гэты выпадак... Што ж, думаў я, прынамсi, хоць адзiн раз у жыццi чалавеку ўдалося выкласцi ўсё, што гадамi ад'ядала душу i цяжкiм грузам ляжала на сэрцы. А цi быў у гэтым якi сэнс? Не, вядома. А зрэшты, хто ведае, можа, там, на далёкiм востраве, за тысячы кiламетраў, знайшлася хоць адна чалавечая iстота, якая не засталася раўнадушнай да гэтай перадсмяротнай споведзi Галабэра...
Пазней я даведаўся, што нiхто так i не пачуў нашай перадачы i голас Галабэра назаўсёды згубiўся ў эфiры. А колькi яшчэ такiх няшчасных, як ён, памiраюць з адчайным крыкам аб спагадзе i дапамозе, але свет - глухi, i малiтвы iх разбiваюцца аб сцяну абыякавага маўчання...