Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 65 из 72



Iшлi яны, iшлi, i вось настала ноч. Асёл i сабака ляглi пад вялiзным дубам, кот сеў на галiну, а певень узляцеў на самую вершалiну дрэва i пачаў адтуль глядзець па баках.

Глядзеў, глядзеў i ўбачыў: свецiцца непадалёку агеньчык.

- Агеньчык свецiцца! - крычыць певень.

Асёл кажа:

- Трэба даведацца, што гэта за агеньчык. Можа, паблiзу дом стаiць.

Сабака кажа:

- Можа, у гэтым доме мяса ёсць. Я паеў бы.

Кот кажа:

- Можа, у гэтым доме малако ёсць. Я папiў бы.

А певень кажа:

- Можа, у гэтым доме пшонка ёсць. Я пакляваў бы.

Усталi яны i пайшлi на агеньчык.

Выйшлi на паляну, а на паляне дом стаiць, i акенца ў iм свецiцца.

Асёл падышоў да дому i зазiрнуў у акенца.

- Што ты там бачыш, асёл? - пытае яго певень.

- Бачу я, - адказвае асёл, - сядзяць за сталом разбойнiкi, ядуць i п'юць.

- Ох, як хочацца есцi! - сказаў сабака.

- Ох, як хочацца пiць! - сказаў кот.

- Як бы нам разбойнiкаў з дому выгнаць? - сказаў певень.

Думалi яны, думалi i прыдумалi.

Асёл цiхенька паставiў пярэднiя ногi на падваконнiк, сабака залез на спiну аслу, кот ускочыў на спiну сабаку, а певень узляцеў на галаву кату.

I тут яны ўсе разам закрычалi:

асёл па-аслiнаму,

сабака - па-сабачы,

кот - па-кашачы,

а певень - закукарэкаў.

Закрычалi яны i ўвалiлiся праз акно ў пакой.

Напалохалiся разбойнiкi i ўцяклi ў лес.

А асёл, сабака, кот i певень селi вакол стала i ўзялiся за ежу.

Елi-елi, пiлi-пiлi, - наелiся, напiлiся i спаць леглi.

Асёл расцягнуўся ў двары на сене, сабака ўлёгся перад дзвярыма, кот скруцiўся клубком на печы, а певень залез на вароты.

Патушылi яны святло ў доме i заснулi.

А разбойнiкi сядзяць у лесе i глядзяць з чашчобы на свой дом.

Бачаць: святло ў акенцы патухла, цёмна стала.

I паслалi яны аднаго разбойнiка паглядзець, што ў доме робiцца.

Можа, дарэмна яны так напалохалiся.

Падышоў разбойнiк да дому, адчынiў дзверы, зайшоў на кухню. Бачыць, а на печы два агеньчыкi гараць.



"Напэўна, гэта вуголле, - падумаў разбойнiк, - вось я зараз лучыну распалю".

Ткнуў ён агеньчык лучынкай, а гэта было кацiнае вока.

Раззлаваўся кот, ускочыў, зафыркаў, ды як драпане лапай, ды як зашыпiць.

Разбойнiк - у дзверы.

А тут яго сабака за нагу схапiў.

Разбойнiк - у двор.

А тут яго асёл капытом убрыкнуў.

Разбойнiк - у вароты.

А з варот певень як закрычыць:

- Кукарэку!

Кiнуўся разбойнiк з усiх ног у лес. Прыбег да сваiх таварышаў i кажа:

- Бяда! У нашым доме пасялiлiся страшныя велiканы. Адзiн мне ўвесь твар кап'ём падрапаў, другi мне ножыкам нагу парэзаў, трэцi мяне па спiне дубiнай вытнуў, а чацвёрты закрычаў мне ўслед: "Трымай злодзея!"

- Ох, - сказалi разбойнiкi, - трэба нам адсюль як мага хутчэй уцякаць.

I пайшлi разбойнiкi з гэтага лесу назаўжды.

А брэменскiя музыкi - асёл, сабака, кот i певень - засталiся жыць у iх у доме ды пажываць.

КАРОЛЬ-ЖАБЯНЯ, альбо ЖАЛЕЗНЫ ГЕЙНРЫХ

У старадаўнiя часы, калi закляццi яшчэ дапамагалi, жыў-быў на свеце кароль; усе дочкi былi ў яго прыгажунi, але самая малодшая была такою прыгожай, што нават сонца, якое шмат што бачыла на сваiм вяку, i тое здзiўлялася, ззяючы на яе твары.

Паблiзу каралеўскага замка раскiнуўся вялiкi дрымучы лес, i быў у тым лесе пад старою лiпай калодзеж; i вось у спякотныя днi малодшая каралеўна выходзiла ў лес, садзiлася на край сцюдзёнага калодзежа, i калi рабiлася ёй сумна, яна брала залаты мяч, падкiдвала яго ўверх i лавiла; - гэта было яе самай любiмаю гульнёю.

Але вось аднойчы, падкiнуўшы свой залаты мяч, яна злавiць яго не паспела, ён упаў на зямлю i пакацiўся проста ў калодзеж. Каралеўна вачэй не спускала з залатога мяча, але ён знiк, а калодзеж быў такi глыбокi, такi глыбокi, што i дна было не вiдаць. Заплакала тады каралеўна, i стала плакаць усё мацней i мацней, i нiяк не магла супакоiцца.

Вось бядуе яна аб сваiм мячы i раптам чуе - хтосьцi ёй гаворыць:

- Што з табою, каралеўна? Ты так плачаш, што i камень расчулiць можаш.

Яна азiрнулася, каб даведацца, адкуль гэты голас, раптам бачыць - жабяня высунула з вады сваю тоўстую, пачварную галаву.

- А-а, гэта ты, стары квакун, - сказала яна, - я плачу аб сваiм залатым мячы, якi ўпаў у калодзеж.

- Супакойся, навошта плакаць, - кажа жабяня, - я табе дапамагу. А што ты мне дасi, калi я знайду тваю цацку?

- Усё, што схочаш, мiлае жабяня, - адказала каралеўна. - Мае сукенкi, жамчугi, каштоўныя камянi i ў дадачу залатую карону, якую я нашу.

I сказала ёй жабяня:

- Не трэба мне нi тваiх сукенак, нi жамчугоў, нi каштоўных камянёў, i тваёй залатой кароны я не хачу; а вось калi б ты мяне палюбiла ды са мной пасябравала, i мы гулялi б разам, i сядзеў бы я побач з табой за столiкам, еў з тваёй залатой талерачкi, пiў з твайго маленькага кубка i спаў з табою разам у ложачку, калi ты мне паабяцаеш усё гэта, я ў момант скокну ўнiз i дастану табе твой залаты мяч.

- Так, так, абяцаю табе ўсё, што хочаш, толькi дастань мне мой мяч! - А сама пра сябе падумала: "Што там неразумнае жабяня балбоча? Сядзiць яно ў вадзе сярод жабаў ды квакае, - дзе ўжо яму быць чалавеку сябрам?"

Атрымаўшы ад яе абяцанне, жабяня нырнула ў ваду, спусцiлася на самае дно, хутка выплыла наверх, трымаючы ў роце мяч, i кiнула яго на траву. Пабачыўшы зноў сваю прыгожую цацку, каралеўна вельмi ўзрадавалася, падняла яе з зямлi i пабегла.

- Пачакай, пачакай! - крыкнула жабяня. - Вазьмi i мяне з сабою, мне ж за табою не ўгнацца!

Але што з таго, што яно гучна крычала ёй услед сваё "ква-ква"? Яна i слухаць яго не хацела, спяшаючыся дамоў. А пасля i зусiм забылася пра беднае жабяня, i давялося яму зноў спусцiцца ў свой калодзеж.

На другi дзень яна села з каралём i прыдворнымi за стол i стала есцi са сваёй залатой талерачкi. Раптам - топ-шлёп-шлёп - узбiраецца хтосьцi па мармуровай лесвiцы i, узабраўшыся наверх, стукаецца ў дзверы i гаворыць:

- Маладая каралеўна, адчынi мне дзверы!

Яна пабегла паглядзець, хто б гэта мог да яе пастукацца. Адчыняе дзверы, бачыць - сядзiць церад ёю жабяня. Iмгненна зачынiла яна дзверы i села зноў за стол, але зрабiлася ёй так страшна-страшна. Заўважыў кароль, як моцна б'ецца ў яе сэрцайка, i кажа:

- Дзiця маё, чаго ты так спужалася? Цi не велiкан якi-небудзь схаваўся за дзвярыма i хоча цябе выкрасцi?