Страница 2 из 3
- Ах ты, нягоднiк! Вось як ты плацiш бацьку! Усё жыццё я ўсiм ахвяраваў, каб ты выбiўся ў людзi, каб ажанiўся з багатаю нявестаю. А ты! Вось як ты мне аддзячыў! Арганiзаваў анархiсцкi часопiс! I папiсваеш гэтыя брудныя артыкульчыкi! Я - той, каго кiраўнiцтва заўсёды ставiла ў прыклад, сёння стаў бацькам адступнiка, паганца, пiсакi-прайдзiсвета, якi з гразёю мяшае рэвалюцыю! О, падонак! Вон з маёй хаты - я праклiнаю цябе!
Тут пытанне пра кiшэнныя выдаткi не ставiлася, як, дарэчы, не ставiлася яно нiколi i раней. Беспрытульны Мартэн на жыццё меў пяцьсот франкаў, што засталiся ад сцiплай зарплаты галоўнага рэдактара часопiса. Урэшце, грошы мала яго турбавалi. Было ў гэтым маладым чалавеку штосьцi ад Мефiстофеля. Ён лёгка зжываўся з беднасцю i меў у гэтым свеце толькi самыя неўтаймоўныя жаданнi, народжаныя злосцю. Злосцю таго, хто думае iнакш, гэта значыць "вельмi правiльна". Ён ужо памалу забываўся на бацькаў праклён, якi ўспрыняў, вiдаць, занадта лёгка, выйшаў з дому i пакiраваўся ў рэдакцыю свайго часопiса, дзе вырашыў пакуль што пажыць. Рэдакцыя складалася з аднаго пакойчыка, вестыбюля i туалета. Мартэн паслаў на падлозе часопiсы, лёг i хутка заснуў. Назаўтра ранiцай у 10 гадзiн прыйшла сакратарка. Да гэтага часу Мартэн ужо адстукаў на машынцы сем старонак. Ён забыўся праветрыць пакойчык, i дзяўчына, скрывiўшы носiк, незадаволена сказала:
- Ну i паветра тут.
Сыны мiльярдэраў вельмi любiлi гэтую пухленькую бялявую маладую сакратарку. Яе звалi Жынэта. Яна час ад часу сустракалася то з адным, то з другiм сынком. Была з iмi такая далiкатная i тактоўная, што ёй адказвалi ўзаемнасцю i рабiлi невялiкiя падарункi. Мартэн не падараваў ёй нiчога. Праўда, з iм Жынэта нiякiх iнтымных спраў не вяла, бо лiчыла, што ў яго менш таленту, чым у iншых.
Пяцёрка з'явiлася ў рэдакцыi апоўднi. Выгляд ва ўсiх прыгнечаны, слова не выцягнеш. Што ж, цяпер, калi ў кожнага было толькi па пяцьдзесят тысяч, сынкi безнадзейна глядзелi на будучыню часопiса i не спадзявалiся нават на выданне другога нумара. Мартэн прабраў сынкоў, падбадзёрыў, даводзячы зноў i зноў, што яны - лiдэры антыканфармiзму i свабоды.
- За працу! - адрэзаў ён. - За працу ў iмя багатых i вялiкага капiталу!
Сынкi як быццам зноў акрыялi i, успомнiўшы свой колiшнi энтузiязм, паабяцалi неадкладна ўзяцца за работу.
Мартэн вярнуўся да свайго вялiкага артыкула з назвай "Багацейце!", якому, на шчасце, не было суджана з'явiцца ў друку. Гэта быў ёмiсты памфлет. Яго аўтар намагаўся (дарэчы, марна) высмеяць высакародныя паводзiны нашай буржуазнай элiты, яе ласку да працоўных i набожнае шанаванне рэвалюцыi. Мартэн цвёрда наважыў перарабляць артыкул столькi, колькi спатрэбiцца, абы дасягнуць iдэальнай формы. Артыкул рос як на дражджах. Цэлы стол быў завалены паперамi. Жынэта не паспявала за iм друкаваць. Почырк у Мартэна быў дрэнны, i ёй часта даводзiлася кiдаць машынку i iсцi да яго ўдакладняць напiсанне некаторых слоў. Мартэн злаваў, што яму перашкаджаюць думаць, але на пытаннi сакратаркi адказваў i кожны раз абзываў яе то непiсьменнай, то адсталай. У адказ на Мартэна сыпалася: "Пачвара ты! Выскачка!" Часам спрэчка ледзь не даходзiла да кулакоў. Аднойчы ранiцай пасля такога "дыялогу" Жынэта такi ўляпiла аплявуху Мартэну. Той устаў, каб адпаведным чынам адказаць ёй. I ў гэты момант сонечны прамень асвяцiў iх. З нiжняга паверха данеслася джазавая музыка, i, самi таго не чакаючы, яны расталi ў абдымках.
У той самы дзень пасля абеду з'явiлася пяцёрка. Мартэн, расчырванелы ад доўгiх пацалункаў, прыняў сваiх кампаньёнаў у поўным замяшаннi. Ён папытаўся, цi закончаны iх артыкулы. Аўтары моўчкi глядзелi яму ў вочы. Нарэшце першы заявiў:
- Усё ўзважыўшы, я вырашыў быць за народ.
- Усё ўзважыўшы, - сказаў другi, - я - за рабочых!
- Усё ўзважыўшы, - выпалiў трэцi, - я - за абяздоленых!
- Усё ўзважыўшы, - працадзiў чацвёрты, - я - за масы!
- Усё ўзважыўшы, - падагульнiў пяты, - я - за рэвалюцыйны дух!
Усяго толькi некалькi дзён не бачылiся сынкi з Мартэнам. Аднак i гэтага iм хапiла, каб з карысцю для сябе падумаць. Акрамя таго, мiзэрная сума пяцьдзесят тысяч франкаў на месяц - памагла iм усвядомiць, што такое беднасць, i яны ўжо насiлi ў сабе пачуццё еднасцi з абяздоленымi, з працоўнымi класамi, з масамi. Сынкi прызналi i асудзiлi свае памылкi. Зноў сталi рэвалюцыянерамi, з чыiх радоў, як правiльна казалi бацькi, не варта было i выходзiць.
- Што з вамi робiцца? Вы ўсё-такi не кiнеце часопiс? - папытаўся Мартэн.
- Гэта будзе складана, - пачуўся адказ. - Дый часопiса "Назад" больш няма. Хапiла i аднаго нумара. Пакладзены канец гэтаму бруду! I так панасмiхалiся з вялiкiх iдэй, якiя хвалююць сэрца кожнага сумленнага чалавека. I, нарэшце, нашы бацькi маюць рацыю, калi гавораць, што нельга дасягнуць поспеху ў лiтаратуры, зневажаючы рэвалюцыю. А нам таксама хочацца, каб i пра нас сказалi, што мы - маладыя пiсьменнiкi вялiкага сэрца i шчырай душы. Так што скончана з нашым "Назад" раз i назаўсёды.
- Ну, гэта мы яшчэ пабачым! - сказаў Мартэн. - Я адзiн буду выдаваць "Назад"!
- А на якiя грошы?
Мартэн запнуўся. Ён увесь час думаў толькi пра змест часопiса i нiколi не цiкавiўся матэрыяльным бокам справы. Сынкi заўважылi яго разгубленасць i задаволена пачалi скалiць зубы.. Жынэта вырашыла, што гэта ўжо занадта. Яна пацалавала Мартэна i, павярнуўшыся да пяцёркi, адсекла:
- Грошы мы знойдзем! А вашых нам не трэба! Вы - бяздарныя выскачкi! Вы пачвары! Iдзiце дадому, i няхай вашы таткi мiльярдэры дадуць вам блаславенне!
- Але ж мы дзейнiчаем у iмя народа, - паспрабавалi пярэчыць сынкi.
- Даволi! У майго любага i ў мяне шмат працы. Марш адгэтуль!
Сынкi былi абражаны ўжо тым, што яна бессаромна, пры iх, пацалавала Мартэна, а яе апошнiя нахабныя словы зусiм вывелi iх з цярпення.
- Мы ў сябе дома, бо мы плацiм за памяшканне, газ i электрычнасць. Так што самi вымятайцеся адсюль i рабiце свой часопiс у iншым месцы!
З болем у сэрцы Мартэн i Жынэта мусiлi пакiнуць рэдакцыю.
Пасля гэтай расправы сынкi вярнулiся да бацькоў i сцiпла расказалi пра тое, што яны толькi што зрабiлi масам. Адначасова яны паклялiся быць вернымi справе рэвалюцыйнай будучынi. Да глыбiнi душы расчуленыя таты адразу давялi кiшэнныя выдаткi сваiх дзетак да васьмiсот пяцiдзесяцi тысяч франкаў на месяц.