Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 3 из 6



- Можа быць, узiмку ляжыць снег, а тут усё так жа горача i растуць шампiньёны, - пажартаваў Серж, мiж iншым, з адчуваннем таго, што жарт няпросты, з падвойным дном.

- Так, так, i на мяжы зiмы ходзiць анёл з вогненным мячом, - падхапiла Iрына, не адчуўшы другога дна.

...Грыбная лiхаманка досыць затрымала iх у дарозе. Захопленыя, яны проста забылiся, што канец жнiўня - не чэрвень: сонца заходзiць значна раней.

Ззаду засталося бураковае поле. Яны заблудзiлiся ў доўгiх, пераблытаных вулiцах сяла, сярод дыхтоўных хат пад шыферам i хлявоў, крытых замшэлым толем. Iм прыязна паказалi дарогу. За сялом Серж выцягнуў з калодзежа вядро вады, такой ядрана свежай, што нiбы ў мароз ламала зубы. Напiўшыся, ён папрасiў жонку аблiць яго i зняў дзеля гэтага кашулю...

Так, спяшаючыся, але не адмаўляючы сабе нi ў якiм уражаннi, яны наблiзiлiся да мэты - грады крутабокiх узгоркаў. Маленькiя сельскiя могiлкi прытулiлiся на самай нiзкай з гэтых страшэнных спiн, а самую высокую ўвенчвала арлiнае гняздо - дзяцiнец гарадзiшча, падобны на Манамахаву шапку. Гэты "кулiч", акружаны кальцавым валам, я ўпершыню паказаў Iры i Сержу здалёк, ад грэбеня далiны шампiньёнаў. Ён вiдзён на дзесяткi вёрст. Цяпер, аплыўшы пад цяжарам шматлiкiх стагоддзяў, дзяцiнец насоўваўся ў адвячоркавай смузе, ахоплены чарамi i вядзьмарствам, - падножжа воблачнага горада, рэрыхаўская цвярдыня, здольная прымусiць трымцець любую рацыянальную душу.

Калi яны, выбраўшы самы пакаты пад'ём, дасягнулi седлавiны ўзгорка, цяжкая шапка ўжо страцiла аб'ём i сiлуэтам прыклеiлася да ультрамарынавага фону. Тут Серж мiмаходам зiрнуў на гадзiннiк i ўбачыў, што ўжо пачатак дзевятай гадзiны.

- Ну i што? - сказала Iра. - Апошнi аўтобус, здаецца, у дваццаць адну дваццаць.

- Давай вернемся, - скурай на лапатках адчуўшы небяспеку, папрасiў Серж. У цемнаце тут вельмi проста ногi зломiш. Акрамя таго, вадзiцель аўтобуса наўрад цi дакладна трымаецца раскладу. Можа i раней паехаць.

- А можа i пазней.

- Гэта наўрад, ехаць няма каму - нядзеля... "Нядзеля" - раптам сказаў выразны голас над вухам у Сержа. Ён палез у нагрудную кiшэню гiмнасцёркi, дастаў блакнот i прачытаў запiсаны сваёю рукою графiк руху аўтобуса: "Адпраўленне з сяла X... - 18.00, 19.30, 21.20. Нядз. i святы - апошнi 19.30". У яго неяк адразу аслаблi навярэджаныя ногi. Сеў у траву.

Вядома, яны маглi спусцiцца i зусiм спакойна заначаваць у X... Ледзь не кожны селянiн з задавальненнем пусцiў бы iх у хату, а гаспадыня дала б павячэраць: густое пахучае малако пад рудою пенкаю, лусты мяккага i сытнага хлеба... I ў вынiку спакойнай ночы на тоўстых утульных сеннiках, мы з Сержам яшчэ незлiчоную колькасць гадоў сустракалiся б i гутарылi аб узвышаным i адцягненым. Але Iры суджана было прадэманставаць, што яна ўжо дык здольная на хуткiя i цвёрдыя рашэннi.

- Не дрэйфi, стары. Няма лiха без дабра. Здаецца, з часоў будатрада не спала на траве, пад адкрытым небам. Давай тут заначуем!

- Проста тут?

- Ага! Я стамiлася страшэнна. А месца якое! Бачыш гваздзiкi?

- Вось iменна, я не ведаю, якое гэта месца...

Iрына з размаху села ў траву i пастукала далонню па зямлi:



- Даставай падсцiлку. Ну? Да ранiцы зямля будзе халодная i мокрая...

Тут Серж перапынiў свой расказ, каб патэтычна ўсклiкнуць, хапаючы мяне за руку.

- I я ж усiм нутром адчуваў, што нельга тут заставацца, а ўсё ж такi застаўся! Ну, цi не баба я? Апошняя баба!

Iрына заснула першая, моцна абняўшы мужа i прыцiснуўшыся да яго ўсiм целам. Яе цёплае дыханне, рытмiчна дакранаючыся да Сержавай шчакi, паступова заваражыла яго...

Ён прачнуўся да рэзкага холаду. Iрына варочалася ў сне, адкацiлася i ляжала цяпер, скруцiўшыся абаранкам, каленi да падбародка, напалову па-за падсцiлкаю. Серж паспрабаваў асцярожна, каб не разбудзiць, перацягнуць яе назад. I раптам пачуў цiхае металiчнае пабразгванне. "Быццам нехта падтрэсваў вязкаю ключоў".

Трывога, якую не развеяў i сон, прымусiла яго замерцi на месцы. Маладзiковая ноч разгарнулася над вышынямi ўзлахмачаных узгоркаў, дражнячы халодным ветрыкам. Толькi па адсутнасцi зораў можна было пазнаць шапку гарадзiшча. Серж падняўся на каленi, потым устаў.

Унiзе, на раўнiне без агнёў, пазнавалiся толькi светлыя плямы сажалак, дарога i многа далей, за масiвамi чорных лясоў, сам гарызонт, абведзены электрычным зарывам Горада. Горад быў недасягальны, як задыякава святло. Ад нябачнай бахчы, дзе перад захадам сонца весялiлася Iра, нагой качаючы слановыя чарапы гарбузоў, нехта ўзбiраўся па схiле, цмокаючы i брынкаючы металам. Жах праняў Сержа да кончыкаў пальцаў, ён ледзь быў не закрычаў на ўвесь голас, але стрымаўся, прыкусiўшы костачкi рукi.

Цяпер ён выразна бачыў, як падымаецца на ўзгорак высокi белы конь, напружыўшы мышцы лапатак i дужай шыi. Конская галава кiвалася пры кожным кроку, падкрэслiваючы, якiх намаганняў каштуе яму пад'ём.

Як i ўсе гараджане, Серж ведаў, як гукаюць сабаку цi кошку, але звяртацца да каня, натуральна, не ўмеў. Таму ён не знайшоў нiчога лепшага, як памахаць рукою, свiснуць i прахрыпець тэатральным шэптам:

- Гэй, ты! Хадзi сюды!..

На здзiўленне, конь спынiўся i натапырыў вушы. Потым павольна павярнуў галаву да Сержа, быццам нечага чакаў.

- Зараз, галубок, зараз, мiлы, - замармытаў ён, вызваляючы сваю сумку з-пад Iрынай нагi, стаў лiхаманкава рыцца ў ёй. Сёння ўдзень яны з Iрынай наелiся булкi з сочывам i таму праiгнаравалi мяшочак цукровага печыва. Ах, як гэта печыва цяпер дарэчы.

Серж абышоў Iру, якая спала, i з мяшочкам у выцягнутай руцэ, з нейкiм супакойлiвым лепятаннем, пайшоў насустрач госцю.

Як толькi ён наблiзiўся ўсутыч, да яго вярнулася цёмнае, непрыемнае пачуццё - небяспека. Конь быў неверагодна прыгожы. Сельскiя працоўныя канякi гэтак не глядзелiся... Узняўшы шыракалобую галаву з раздзьмутымi ноздрамi, фанабэрыста глядзеў з-пад аксамiтных вейкаў даўганогi месячна-белы конь, варты Георгiя Перамоганосца. Капыты яго зграбна прытанцоўвалi, сталёвая пругкасць адчувалася ў круглых бабках. З-за крыжа, акрэсленага, як амфара, выбiваўся пышны, аж да зямлi, снежны хвост. Шыя над магутнымi грудзьмi, з ямачкай пад горлам, нагадвала пра лебедзя i казачнага змея. Конь капрызна страсянуў галавой, i велiчэзная шаўкавiстая грыва, узвiхрыўшыся, застыла на iмгненне, як пры запаволенай кiнапраекцыi. У непраглядных вачах адбiлiся два маладзiкi, надаўшы яго погляду выраз дзiкай неўтаймоўнай волi.