Аннотация
Чынгiз Айтматаў
Буранны паўстанак
I вякуе дзень даўжэй за век
Раман
Пераклад: М.Стральцоў
I гэта кнiга - нiбы маё цела,
I гэта слова - на замен душы...
Грыгор Наракацы,
"Кнiга скрухi", Х ст.
I
Трэ было багата цярплiвасцi дзеля пошуку здабычы ў скамянелых равах i аблыселых лагах. Дзеля таго, каб чытаць заблытаныя аж да кружэння галавы мiтуслiвыя пошвы на жвiры, пакiнутыя рознай дробнай iстотай, што жыла ў зямлi, дзеля таго, каб лiхаманкава разгрэбцi суслiкавую нару або прычакаць, калi стоены пад стрэшкай старой прамоiны малюсенькi тушканчык выскачыць нарэшце на гальнае месца, дзе яго можна было б прыдушыць у адзiн дых; дзеля той галоднай лiсы, якая выйшла на мышкаванне i паволi, няўхiльна наблiжалася здаля да чыгункi, што цямнела роўным гарбячком у стэпе, якi лiсу i заваблiваў i палохаў адначасова, па якiм то ў адзiн, то ў другi бок, цяжка скаланаючы зямлю наўкол, праносiлiся грымотныя цягнiкi - пакiдалi ...
Отзывы